Дэманструючы ўсёдазволенасць і цынізм… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дэманструючы ўсёдазволенасць і цынізм…

6 июля 2018 - Administrator
article4045.jpg

 Дужыя і моцныя людзі заўсёды добрыя, звяртае ўвагу народная мудрасць. Гэта толькі слабым, псіхічна няўстойлівым асобам трэба “збівацца ў зграі”, каб, зневажаючы таго, хто ў гэтую хвіліну за цябе слабей, дэманстраваць сваю ўдаласць і спрыт... Горкі асадак застаўся ў мяне, старшыні суда Івацэвіцкага раёна і проста грамадзяніна сваёй краіны, пасля разгляду крымінальнай справы ў адносінах да трох маладых людзей, жыхароў населеных пунктаў Целяханшчыны. Яны, дэманструючы ўсёдазволенасць і п’яную удаласць, пагарджаючы агульнапрынятымі правіламі паводзін у грамадстве, дэманструючы жаданне падавіць і зняважыць другога чалавека, здзейснілі ўчынкі, якія вылучаліся выключным цынізмам...

 

Але аб усім па парадку.

 

 

Усе пачалося з таго, што А., Б. (апошні непаўналетні, старшакласнік мясцовай школы) і пацярпелы В. селі распіваць спіртныя напоі ў альтанцы каля вёскі. У хуткім часе да іх далучыўся Д., яшчэ адзін старшакласнік мясцовай школы. Звярну ўвагу, што ў гэты час у навучальнай установе ішлі заняткі. Дарэчы, моцныя напоі, яны набылі на грошы пацярпелага В., але менавіта на В. накінуліся гэтыя гора-сябры, калі паміж імі ўзнікла спрэчка. Прычым, накінуліся з жудаснай агрэсіяй, выплюхнуўшы не толькі злосць, а дэманструючы жаданне прынізіць, максімальна зняважыць чалавека, з якім літаральна дзясятак-другі хвілін таму пілі ледзь не “на брударшафт”.

 

 

Збіваючы рукамі і нагамі В., які ад удараў страціў прытомнасць, яны пасля сцягнулі з няшчаснага хлопца адзенне, працягваючы здзекавацца над чалавекам… Праз пэўны час В. прыйшоў у прытомнасць, кінуўся ўцякаць, але гэтыя “сябры” яго дагналі, зноў пачалі збіваць і здзекавацца. Канкрэтныя ўчынкі і дзеянні іх няма жадання пералічваць, каб не выклікаць пачуцця агіды ў чытача, бо яны не толькі збівалі Л.. Прыкра, але непаўналетні Д. з дапамогай мабільнага тэлефона зрабіў відэазапіс гэтых зневажальных дзеянняў.

 

 

Збітага і раздзетага В. маладыя людзі пакінулі каля альтанкі, а самі разышліся. Двое з іх накіраваліся ў школу. Прычым, Д. прыйшоўшы ў школу і знаходзячыся, падкрэслю, нападпітку, найперш стаў дэманстраваць сваім аднакласнікам і равеснікам відэазапіс, як яны групай збіваюць аднавяскоўца, як здзекуюцца над раздзетым чалавекам…

 

 

Гэтым можна ганарыцца? Ці патрэбны тут каментарыі?

 

 

Няшчасны В. дакладна не памятае праз колькі дзясяткаў хвілін прыйшоў у прытомнасць. Побач з ім нікога не было, не было адзення, абутку, балела галава і ў грудзях балела. Ён узняўся і пабег у бок вёскі, дзе сустрэў мясцовага жыхара М., папрасіў яго аказаць дапамогу. М. даў пацярпеламу адзенне, пасля дапамог патрапіць на прыём у мясцовы ФАП. У рэшце рэшт В. трапіў на бальнічны ложак ва УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, дзе тыдзень знаходзіўся на лячэнні ў траўматалагічным аддзяленні.

 

У адносінах да А., Б. і Д. была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Хуліганства”.

У зале судовага пасяджэння пацярпелы В. паведаміў, што матэрыяльны і маральны ўрон абвінавачаныя яму кампенсавалі ў поўным размеры, таму ён не мае да іх прэтэнзій, а таксама папрасіў суд не пазбаўляць іх волі. А што гаварылі пацярпелыя? Яны поўнасцю прызналі віну, спасылаліся на тое, што былі моцна п’янымі.

 

Суд прызнаў А., Б. і Д. вінаватымі ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, што суправаджалася прымяненнем насілля, пашкоджаннем маёмасці, выключным цынізмам – у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 339 Рэспублікі Беларусь “Хуліганства”. Санкцыя – пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў кожнаму.

У адпаведнасці з арт. 77 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прыменена адтэрміноўка пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі: Б. і Д. тэрмінам на адзін год, А. – на два гады. Яны павінны прынесці прабачэнні пацярпеламу В., не мяняць месца жыхарства без узгаднення з органам, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджаных, не выязджаць за межы раёна болей чым на 1 месяц, перыядычна з’яўляцца ў органы, якія праводзяць кантроль за дзеяннямі асуджаных, знаходзіцца з 23.00 да 6.00 па месцы жыхарства.

Колькі слоў маралі. Так, дужыя і моцныя людзі сапраўды добрыя. Моцны целам і духам мужчына спяшаецца абараніць другога – ён інакш не можа… Скажам прама, гэтыя здзекі над В. здзейснілі людзі, якіх цяжка назваць моцнымі. Таму хочацца верыць, што мы сутыкнуліся з маладымі людзьмі, хто яшчэ не спыніўся ў сваім фізічным і маральным развіцці, хто яшчэ расце. Калі яны стануць па-сапраўднаму дарослымі, то стануць саромецца не толькі таго, што збівалі голага безабароннага чалавека, здзекаваліся над ім, але і таго, што яшчэ зрабілі і відэазапіс.

Сапраўдныя мужчыны гэтым не ганарацца. Сапраўдныя мужчыны гэтага саромеюцца.

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.      

Комментарии (0)
Добавить комментарий