Не губляйце пільнасці! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Не губляйце пільнасці!

26 октября 2018 - Administrator
article4261.jpg

 Крадзяжоў, здарэнняў, няшчасных выпадкаў на чыгуначным вакзале ў Івацэвічах, на прылягаючай тэрыторыі менш не становіцца. Прычына? П’янства, неабачлівасць – асноўныя прычыны таго, што хтосьці з пасажыраў бывае абкрадзены, хтосьці траўміруецца або трапляе на лаву падсудных.


Жыхар вёскі Вішнёўка прыехаў у Івацэвічы электрацягніком. Ён меў пры сабе веласіпед, збіраўся вырашыць справы ў Івацэвічах, каб пасля на электрацягніку з веласіпедам у руках вярнуцца на станцыю Даманава. Але ў Івацэвічах ён паставіў веласіпед каля агароджы, не прышпіліў яго, узняўся на чыгуначны мост і пайшоў далей па сваіх справах.
Адсутнічаў ён нядоўга, але за гэты час веласіпед “падабрала” жанчына, жыхарка Івацэвічаў, якая праходзіла міма і не змагла ўтрымацца перад спакусай завалодаць безгаспадарным транспартным сродкам. Мужчына звярнуўся ў міліцыю, дзякуючы сістэме відэаназірання мы ўстанавілі гэтую жанчыну, якая аднеквалася, нават калі міліцыя прыйшла да яе дамоў. Не брала, маўляў, чужое – і ўсё тут! Запатрабавалі адкрыць прыбудову, а там… стаіць той самы веласіпед.
Была ўзбуджана крымінальная справа, жанчына панесла адказнасць за крадзеж.

Штосьці падобнае адбылося ў зале чакання вакзала. Нецвярозы жыхар Пінска, які спазніўся на аўтобус, заснуў у крэсле, яго рукзак знаходзіўся побач. Раней судзімы жыхар адной з вёсак Косаўшчыны праходзіў міма, схапіў рукзак – і наўцёкі. Пінчанін нічога не чуў, бо моцна спаў, прачнуўся праз пэўны час – рукзака няма. Выклікаў міліцыю. На сённяшні дзень злодзей устаноўлены.

Адказы на тое, чаму сталі магчымымі дадзеныя здарэнні, ляжаць на паверхні. Рухаецеся на веласіпедзе? Абавязкова прышпіліце яго, калі зрабілі прыпынак, каб схадзіць у магазін, аптэку, да сяброў… І пра тое, што з п’яным чалавекам у транспарце ці на вакзале абавязкова здарыцца штосьці непрыемнае, мы папярэджвалі неаднаразова. Пасажыр павінен быць цвярозым – у такім выпадку яго падарожжа прынясе толькі станоўчыя эмоцыі.
Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік ЛПМ на станцыі Івацэвічы.       
Комментарии (0)
Добавить комментарий