Да 20 курыльшчыкаў штомесяц — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Да 20 курыльшчыкаў штомесяц

9 января 2019 - Administrator
article4342.jpg

 прыцягваюць да адказнасці супрацоўнікі лінейнага пункта міліцыі на ст. Івацэвічы

На чыгуначным вакзале ў Івацэвічах вызначаны тры месцы для палення цыгарэт, у іншых месцах рабіць гэта забаронена. Месцы для палення цыгарэт забяспечаны спецыяльнымі металічнымі сметніцамі, інфармацыйныя таблічкі знаходзяцца на ўзроўні вачэй, а на асфальце пункцірнай лініяй вызначана зона для курыльшчыка.

Тым не меней, прыкладна 15-20 чалавек штомесяц мы прыцягваем да адказнасці за паленне цыгарэт у неўстаноўленым месцы – на пероне, падчас руху да цягніка… Цікава, што ў такім выпадку добра адсочваецца геаграфія падарожнікаў. На нашым чыгуначным вакзале бавяць час жыхары Зэльвы, Пінска, Ружан, Ваўкавыска... Іншы раз тлумачаць так: “Я каля бетоннай сметніцы палю цыгарэту: чым магу пашкодзіць?” Дарэчы, кідаць недакуркі ў бетонную сметніцу забаронена. Калі там ёсць паперы ці іншыя згаральныя прадметы, то пачынаецца тленне, распаўзаецца смуродны дым, бетонная сметніца нярэдка лопаецца ад высокай унутранай тэмпературы. З другога боку, любы курыльшчык павінен ведаць, што забарона на паленне цыгарэт на вакзалах – агульная практыка. У Мінску, Брэсце, Баранавічах… Прыцягваеш да адказнасці жыхара Мінска і чуеш тлумачэнне: “…я не ведаў, што забаронена і ў Івацэвічах, думаў толькі ў Мінску”. Дзіўная логіка: нібыта Івацэвічы і Мінск знаходзяцца ў розных краінах.
ХХХ
Узбуджана крымінальная справа супраць 40-гадовага жыхара Івацэвічаў, які на чыгуначным вакзале ўкраў пакеты з прадуктамі. Іх пакінуў мужчына з нашага раёна, які памкнуўся “хуценька збегаць” у магазін. Злодзей устаноўлены, ён і раней прыцягваўся да адказнасці за крадзеж, з’яўляецца “пастаяльцам” ЛПП (лячэбна-працоўных прафілакторыяў)... Лепш свае рэчы не пакідаць без нагляду, бо такія асацыяльныя асобы толькі і шукаюць, як "абчысціць" неабачлівага пасажыра.    
Віталій ВЫСОЦКІ, начальнік ЛПМ на ст. Івацэвічы.