Хацеў напалохаць… і ледзь дом не спаліў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Хацеў напалохаць… і ледзь дом не спаліў

1 июня 2018 - Administrator
article3981.jpg

 Муж і жонка К. пражываюць у Целяханах, яны выхоўваюць чатырох дзяцей, малодшаму з якіх – каля года. Сям’я трапіла “на аловак” да сацыяльных і апякунскіх службаў, бо і муж, і жонка раней злоўжывалі алкагольнымі напоямі. Зараз сітуацыя змянілася: жонка закадзіравалася, кінула піць, а вось муж, ураджэнец Аброва, па-ранейшаму “сябруе” з алкаголем.


У адзін з майскіх дзён паміж імі яшчэ раніцай успыхнула сварка, муж “адпомсціў” тым, што знайшоў грошы на выпіўку і цэлы дзень быў “нападпітку”. Крыўда на жонку расла, і калі яна з дзецьмі ўжо вечарам лягла спаць, то мужчына вырашыў “правучыць” крыўдзіцеляў: прыйшоў у кватэру з каністрай бензіну, выліў яго на падлогу – на дыванок у кухні і падпаліў. 

Успыхнула так, што сам “пажарнік”, як пасля расказваў следству, разгубіўся і нібы здранцвеў ад нечаканасці. Але жонка не разгубілася: выскачыла з пакояў, кінулася тушыць і ратаваць маёмасць. Пасля выклікала міліцыю.

Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прыкра, але гэты мужчына не падумаў аб тым, што ў кватэры ў той час спалі чацвёра яго дзяцей, а выхад на вуліцу з пакояў ­– толькі праз кухню...
Раман ЕМЕЛЬЯНЧЫК, следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.       
Комментарии (0)
Добавить комментарий