Першае дамашняе паражэнне — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Першае дамашняе паражэнне

4 июня 2018 - Administrator
article3984.jpg

 У матчы 7-га тура першынства Беларусі сярод каманд другой лігі ФК “Івацэвічы” прымалі на дамашняй арэне аднаго з лідараў лігі – ФК “Ашмяны-БДУФК”. 


Гэтая каманда мінулы сезон завяршыла на трэцім месцы ў лізе, забіўшы болей за 100 галоў. ФК “Ашмяны-БДУФК” на слыху ў многіх аматараў футбола Беларусі, дастаткова сказаць, што чатыры ігракі з гэтай каманды ў лютым бягучага года былі дыскваліфікаваны пажыццёва за ўдзел у дагаварных гульнях. 
…Госці з самага пачатку завалодалі гульнявой ініцыятывай, актыўна дзейнічалі ў контрпрэсінгу, задзейнічалі флангі, таму каля варот нашай каманды вострыя моманты ў першым тайме ўзнікалі рэгулярна. Як вынік, 0:2 на карысць гасцей – з такім лікам каманды пайшлі на перапынак.

У другім тайме нашым рабятам удалося адсунуць гульню ад сваіх варот, тым не меней, галявых момантаў было нямнога. Але матч літаральна ўзарваў гол ФК “Івацэвічы” на 76-й хвіліне: гэта Міхаіл Жук пасля падачы з вугла поля трапна ўдарыў па варотах саперніка. На большае нашай каманды не хапіла, а ўжо ў кампенсаваны час госці знялі пытанне аб пераможцы, забіўшы яшчэ адзін гол – 1:3. “Ашмяны-БДУФК” замацоўваюцца ў верхняй частцы турнірнай табліцы, а на рахунку ФК “Івацэвічы” застаецца 8 ачкоў. 

Наступную гульню першынства ФК “Івацэвічы” правядуць 9 чэрвеня ў Смалявічах (Мінская вобласць) супраць суседа па турнірнай табліцы – каманды “СМІаўтатранс”. 
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара). 
Комментарии (0)
Добавить комментарий