Выцінанкі Наталлі Кулецкай – на Форуме рэгіёнаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Выцінанкі Наталлі Кулецкай – на Форуме рэгіёнаў

6 ноября 2018 - Дарья Вдовина
article4275.jpg

У рамках  V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у Магілёве, для гасцей і жыхароў горада была прадстаўлена выстаўка-кірмаш рамёстваў “Горад майстроў”. Сваю прадукцыю тут прэзентавалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама 16-ці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Сярод іх і наша зямлячка – настаўнік-дэфектолаг  ДУА “Косаўскі яслі-сад” і педагог дадатковай адукацыі ДУА “Косаўская СШ” Наталля Кулецкая, якая прывезла на выстаўку свае самабытныя выцінанкі. Наталля ўвайшла ў склад 8 майстроў, якія прадстаўлялі Брэсцкую вобласць на Форуме рэгіёнаў.  

 
Экспазіцыі майстроў размясціліся на трох тэматычных вуліцах: “Беларуская”, “Руская”, “Сябрына творчасці і майстэрства”. На  “Беларускай” майстры прадстаўлялі вырабы з саломкі, лазы, традыцыйныя нацыянальныя касцюмы, тут госці і жыхары горада змаглі набыць і работы Наталлі Кулецкай і нават паспрабаваць стварыць іх уласнымі рукамі. На выстаўку Наталля прывезла экспазіцыю “Чырвоны кут беларускай хаты”. Тут ажурныя рушнікі, іконы, пісанкі і сурвэткі – і ўсе з паперы. Лёгкасць, гульня сіметрыі, глыбокі змест, гучанне рытмаў... Тут міфалагічныя і рэлігійныя вобразы, водгалас народных абрадаў, матывы святаў і нават помнікі архітэктуры. 
– Майстроў, якія займаюцца выцінанкай, на выстаўцы было няшмат. Таму наш стэнд карыстаўся папулярнасцю сярод гледачоў. На майстар-класы прыходзіла многа людзей, бацькі прыводзілі і дзяцей, бо выцінанка – займальная творчасць як для дарослых, так і для дзяцей, – расказала Наталля Кулецкая. – Некаторыя здзіўляліся, як такімі вялікімі нажніцамі нашы бабулі маглі рабіць такую ювелірную карпатлівую работу. Толькі на першы погляд можа падацца, што гэта паперка, нажніцы – і ўсё. Але толькі калі ты сам паспрабуеш павыцінаць – зразумееш, што гэта не так проста.  Мастацтва выцінанкі старажытнае, але застаецца актуальным і сёння. Тонкае спалучэнне вонкавай прастаты і элегантнасці папяровых карункаў цэніцца дызайнерамі ва ўсім свеце. Я б раіла ўсім бацькам разам з дзецьмі абавязкова паспрабаваць далучыцца да гэтага цудоўнага віду творчасці, бо сумесныя хобі аб’ядноўваюць усіх членаў сям’і.
 
На вуліцы “Рускай” расійскія ўмельцы давалі майстар-класы па найбольш папулярных у іх відах рамёстваў, такіх, як старааскольская гліняная цацка, кропкавы роспіс, мастацкая апрацоўка бяросты, марыйская вышыўка. Вуліца “Сябрына творчасці і майстэрства” аб'яднала ў сабе творчасць лепшых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных рамёстваў Расіі і Беларусі.
 
– Культурная праграма падчас Форуму рэгіёнаў сапраўды была маштабнай. Магілёў на гэтыя дні ператварыўся ў фестывальную сталіцу. Падчас выстаўкі ладзілася канцэртная праграма “Садружнасць культур – Садружнасць народаў”, дзе творчыя калектывы Расіі і Беларусі шчодра дарылі сваю творчасць, дзяліліся нацыянальным каларытам, акунулі гледачоў у дзіўнае багацце народнай творчасці сваіх рэгіёнаў. Шкада толькі, што  расійскія калектывы выступалі на вуліцы “Рускай”, беларускія на “Беларускай”. Трэба было памяняць канцэртныя пляцоўкі, каб мы пабачылі больш іх артыстаў, а яны нашых. Бо там сапраўды было на што паглядзець. Мы на некалькі хвілін адлучаліся ад сваіх стэндаў, каб убачыць выступленне артыстаў з паўночных рэгіёнаў Расіі. Гэта сапраўды самабытнае мастацтва, якое зачароўвае, – адзначыла Наталля Кулецкая. 
 
Ганна Ільяшэвіч, фота з архіва Наталлі Кулецкай. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий