Касмічныя пейзажы Карыны Куцко — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Касмічныя пейзажы Карыны Куцко

25 сентября 2018 - Дарья Вдовина
article4201.jpg

Хто з нас у дзяцінстве не марыў стаць лётчыкам ці касманаўтам? Узняцца ў нябёсы, убачыць далёкія зоркі, пераадолеўшы зямное прыцягненне? У вучаніцы ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Івацэвічы” мара амаль спраўдзілася, хай і на паперы. Яе творчыя работы сталі лепшымі ў абласным конкурсе “Гэты незвычайны космас”. Карына прадставіла на конкурс тры малюнкі, якія атрымалі перамогу ў намінацыі “Графіка”.

 

Карына ўжо некалькі гадоў наведвае ДУДАДзіМ “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” і мае вопыт удзелу ў шматлікіх творчых конкурсах. Але дзяўчынка прызнаецца, што гэты конкурс быў асаблівым – дзякуючы яму, яна пазнаёмілася з таямнічай і вельмі прыгожай касмічнай прасторай, уяўляла сябе ўдзельніцай касмічнага падарожжа і атрымала ўзнагароду з рук сапраўднага касманаўта – Пятра Клімука. Узнагароджванне пераможцаў праходзіла ў Тамашоўцы, што пад Брэстам, на радзіме першага і самага знакамітага беларускага касманаўта. Сюды прыехалі ўдзельнікі XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў і дэлегацыя Зорнага гарадка Маскоўскай вобласці.
 
– Пётр Клімук уручыў усім пераможцам дыпломы, а таксама кнігу са сваім аўтографам, пажадаў новых творчых перамог, – расказала Карына. – Пасля цырымоніі ўручэння павінна была адбыцца прэс-канферэнцыя, дзе мы маглі задаць свае пытанні, на жаль, яе адмянілі. Хацелася б шмат чаго спытаць, бо, калі я толькі пачынала працаваць над малюнкамі, амаль нічога не ведала пра космас, шмат чытала ў інтэрнэце, глядзела фотаздымкі. Там столькі таямніц! Пытанняў за час падрыхтоўкі назбіралася шмат. Было вельмі хвалююча атрымаць сваю ўзнагароду з рук вядомага касманаўта, гэта добры стымул для новых перамог.
 
Педагог ДУДАДзіМ “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” Ганна Люшкевіч адзначае, што Карына вельмі адказна паставілася да падрыхтоўкі да конкурса. Яе работы вельмі складаныя, на іх стварэнне пайшло шмат часу і сіл. Разам з педагогам Карына вывучала, як выглядаюць планеты і каметы, канструкцыя скафандра, але ў сваіх малюнках дзяўчына пакінула месца і фантазіі. У асноўным малюнкі выкананы геліевай ручкай і маркерам, а для прыгожага россыпу зорак і астэроідаў быў выкарыстаны балончык з фарбамі. 
 
– Карына вельмі здольная вучаніца. У ёй аб’ядноўваецца  прыродны талент і  жаданне працаваць, дасягаць рэзультатаў, – адзначыла Ганна Люшкевіч. – Зараз яна наведвае гурток па мадэліраванню з паперы. У яе выдатна атрымліваецца, але гэтая справа не для кожнага, трэба валодаць прасторавым мысленнем. Кожную вольную хвіліну Карына малюе. У ёй моцны творчы пачатак. Трэба сказаць, што яе бацькі падтрымліваюць захапленні дачкі, за гэта ім вялікі дзякуй. І нават калі Карына не абярэ творчую прафесію, гэтыя навыкі, што яна атрымае, абавязкова будуць прыносіць карысць у будучым. Работы, якія Карына стварыла для конкурсу, гэта не толькі космас у адзіным разуменні, гэта – незвычайны космас яе ўнутранага сусвету. Спадзяюся, што перамогі Карыны на творчым шляху толькі пачынаюцца. 
 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий