“Забралі і мінералку...” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Забралі і мінералку...”

10 июля 2018 - Administrator
article4051.jpg
У райгазету звярнуўся жыхар Івацэвічаў Віктар Молаш, які папрасіў больш падрабязна спыніцца на наступнай праблеме: падчас наведвання новага гарадскога стадыёна “Кляноўка-арэна” міліцыя вельмі ўжо дэталёва правярае сумкі балельшчыкаў, не дазваляюць праносіць мінералку, сокі. 
 
– Так, я прыйшоў на стадыён з унукам падтрымаць ФК “Івацэвічы”, але міліцыя забрала бутэльку мінералкі, – маўляў, праносіць яе забаронена. Але ж цераз дваццаць хвілін у гэты спякотны дзень унук просіць піць. Няўжо я нараблю многа бяды, калі пранясу такі бяскрыўдны напой, як мінералка? – абураецца наш чытач.

Кантроль змесціва сумак, праверку адзення і кішэняў мужчын і жанчын, якія накіроўваюцца на “Кляноўка-арэну”, праводзяць супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС. Супрацоўнік “ІВ” пацікавіўся ў Яўгена Міхнюка, начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС, ці не занадта празмерная гэтая праверка сумак і кішэняў? 

Няўжо мінералка такая небяспечная? Вось адказ падпалкоўніка Яўгена Міхнюка:
– Правілы паводзін балельшчыкаў на стадыёне падчас правядзення гульняў і другіх масавых спаборніцтваў зацверджаны пасяджэннем бюро выканкама Беларускай федэрацыі футбола (БФФ, пратакол №6 ад 27 сакавіка 2013 года). У адпаведнасці з пратаколам на стадыён балельшчыкам забараняецца праносіць спіртныя напоі, любыя віды зброі, боепрыпасы, колючыя ці рэжучыя прадметы, дымавыя шашкі, фаеры, сігнальныя ракеты, петарды, піратэхніку, любыя іншыя рэчы, якія могуць прывесці да задымлення, выбуху, узгарання, буйнагабарытныя рэчы… З дапамогай металашукальніка правяраем балельшчыкаў – і мужчын, і жанчын, – каб яны не праносілі на гэты спартыўны аб’ект забароненыя рэчы.
Забараняецца таксама праносіць любыя напоі ў бляшаных банках, шкляным, пластыкавым посудзе, бутэльках і іншых ёмістасцях, сокі ў тэтрапакетах. Дадам, што на стадыёне забаронена курыць. Увогуле, усе гэтыя меры могуць паказацца празмернымі, але такі строгі кантроль на спартыўных аб’ектах не толькі ў Івацэвічах, але і ў Баранавічах, Брэсце, Мінску... 

Супрацоўнікі міліцыі не забіраюць бутэлькі ці тэтрапакеты з сокам – мы проста іх выкладваем, каб пасля гаспадар, калі будзе пакідаць гульню, мог забраць. Больш за тое, у перапынку гульні можна скарыстацца тымі ж сокамі ці мінералкай. Вельмі многія прыязджаюць
да стадыёна на аўтамабілі, трымайце напоі ў легкавіку: за 15 мінут, падчас перапынку, можна наталіць смагу. Але ў любым выпадку супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС і надалей будуць дзейнічаць у адпаведнасці з патрабаваннямі БФФ і МУС Рэспублікі Беларусь. Зразумейце нас правільна.   
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий