Мядзведзь пачынае “гаспадарыць” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Мядзведзь пачынае “гаспадарыць”

18 октября 2018 - Дарья Вдовина
article4252.jpg

Раёнка ўжо двойчы паведамляла на сваіх старонках, што ў лясах нашага раёна блукае мядзведзь. Сляды яго бачылі ў паляўнічых угоддзях на Целяханшчыне. Вось новыя факты, якія сведчаць аб тым, што ціхімі паводзінамі буры звер не вызначаецца.

 

Так, у раёнку патэлефанаваў вядомы ў нашым раёне пчаляр Сяргей Б. (больш падрабязныя звесткі аб ім ёсць у рэдакцыі), які паведаміў, што ўпершыню яму і яго знаёмым сябрам па захапленні пчоламі прыйшлося забіраць вуллі з лесу каля Козікаў, бо неўстаноўлены драпежнік трушчыць гэтыя вуллі, нібы пачкі запалак. Гэтыя вуллі стаялі там дзесяцігоддзямі і ў зімовы перыяд, ніхто іх не кранаў, але цяпер пачалося незразумелае. Сяргей Б. паведаміў, што мясцовыя егеры пацвярджаюць дагадку: тут гаспадарыць мядзведзь.
 
Аўтар публікацыі патэлефанаваў Сяргею Сіўцу, егеру ААТ “Паляўнічая гаспадарка “Зацішша”. Гэтая ўстанова знаходзіцца непадалёку ад Козікаў. Вось што тлумачыць Сяргей Сівец:
 
– Асабіста я ў мінулыя выхадныя дні бачыў вялікія мядзведжыя сляды прыкладна ў тых мясцінах, пра якія гавораць пчаляры. Магу сказаць адназначна: сапраўды, у нашых мясцінах блукае мядзведзь. Больш за тое, гэты звер ходзіць недалёка ад населеных пунктаў, нават пераходзіў аўтамагістраль Івацэвічы-Пінск-Столін. Чаму ходзіць непадалёку ад населеных пунктаў? Здагадацца няцяжка: у лесе ён цяпер не заўсёды можа знайсці корм, а тут можна ласавацца кукурузай на полі, мёдам у вуллях...
 
– Сяргей, ці можна чакаць, што мядзведзь на зімовы перыяд ляжа ў бярлогу? Наколькі небяспечна тое, што гэты драпежнік жыве побач з населенымі пунктамі? Рацыён харчавання яго на 3/4 – раслінная ежа, але, тым не менш, паўтаруся: ён драпежнік.
 
– Па прычыне мяккасці зім мядзведзь у Беларусі не заўсёды кладзецца ў бярлогу – усё ж у нас не сібірскія маразы, метровыя сумёты снегу бываюць вельмі рэдка. Прыкладна 15 гадоў таму ў нашых мясцінах ужо блукаў мядзведзь, калі не памыляюся, ён і зімой не клаўся ў бярлогу… Так, гэта драпежнік з Чырвонай кнігі, трэба разумець, што вопыту “ўзаемадзеяння” з гэтым зверам у нашых паляўнічых, простых грамадзян нямнога, трэба быць максімальна абачлівымі. 
 
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий